План працы даследчых семінараў “Палітычнай сферы”

logo_palitykat11Даследчы семінар “Палітычнай сферы” быў заснаваны ў 2003 годзе і дзейнічае для прафесійнай камунікацыі і абмену ідэямі ў сферы вывучэння палітыкі, удасканалення метадалогіі і стратэгіі аналізу палітычных працэсаў. Таксама семінар накіраваны на падтрымку цікавасці да праблем сучаснай палітычнай навукі, крытычны разбор асноўных ідэй, тэндэнцый і іх ўлік у распрацоўцы ўласных даследаванняў і публікацый.

З 2013 года праца Школы палітычнага аналізу Лятучага Ўніверсітэта будзе спалучана з пасяджэннямі даследчага семінара “Палітычнай сферы”, дзе мяркуецца прэзентацыя актуальных вынікаў палітычных, сацыяльных і эканамічных даследаванняў.

Семінар з’яўляецца адкрытым, удзел прымаюць усе зацікаўленыя даследчыкі, аналітыкі, а таксама аспіранты і студэнты.

 

План:

24 студзеня “Прыватызацыя ў Беларусі: палітычныя і сацыяльныя наступствы”  (Таццяна Чыжова, Дзмітры Ісаёнак). Даследчая праблема – наколькі вывучэнне розных аспектаў прыватызацыі дазваляе выяўляць і прагназаваць сацыяльныя і палітычныя наступствы для Беларусі. Па матэрыялах даследавання праведзенага ў 2012 годзе.

14 лютага “Гістарычная памяць і нацыянальная ідэнтычнасць” (Аляксей Ластоўскі, Надзея Ефімава). Даследчая праблема – як можа акрэсліць сучасныя ўяўленні беларусаў пра сваё мінулае, як гістарычнае мінулае вызначаецца ў публічнай прасторы. Па выніках сацыялагічных апытанняў і даследавання публічных прамоваў афіцыйных асобаў.

28 лютага “Абласныя саветы і палітычная актыўнасць мясцовых эліт, 1999-2010” (Андрэй Казакевіч, Вадзім Смок). Даследчая праблема –  ці сведчыць склад абласных саветаў пра структуру палітычных эліт на рэгіянальным узроўні, якая дынаміка прадстаўніцтва і палітыка рэпрэзентацыі ў абласных саветах з 1999 года. Па выніках даследавання складу саветаў абласнога ўзроўню па выніках выбараў 1999, 2003, 2007 і 2010 гадоў.

14 сакавіка “Даследчая і кадравая палітыка ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін, 2008-2012” (Андрэй Казакевіч). Даследчая праблема – як можна вызначыць і вымераць стан развіцця сацыяльных і гуманітарных дысцыплін у сучаснай Беларусі, які ўплыў на развіццё гэтай сферы аказвае дзяржаўная палітыка і палітыка ў недзяржаўнай сферы. Па выніках даследавання праведзенага ў 2012 годзе (кадравай палітыкі, фінансавання, спецыяльных выданняў, дысертацый і г.д. чатырох дысцыплін: сацыялогія, паліталогія, гісторыя, філасофія).

28 сакавіка “Двухбаковыя стасункі Беларусі і Літвы за перыяд незалежнасці, 1992-2012” (Андрэй Валодзькін). Даследчая праблема – прасачыць развіццё двухбаковых стасункаў на аснове 31 параметра (супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сферы). Па выніках даследавання выкананага ў 2012 годзе.

11 красавіка “Канцэпцыі нацыі і палітыкі ў БССР, другая палова 1980-х” (Андрэй Казакевіч, Андрэй Асадчы). Даследчая праблема – акрэсліць у кантэксце гісторыі ідэй канцэпцыі “ беларускай нацыі” і “палітыкі”, якія прапаноўваліся рознымі грамадскімі і палітычнымі сіламі Беларусі ў позні савецкі перыяд. Па выніках даследавання праведзенага ў 2011-2012 годзе.

 25 красавіка  (удакладняецца)

16 траўня “Ці вінавата Візантыя? Да праблемы суадносінаў гістарычна-культурнай спадчыны і сучаснага цывілізацыйнага статусу” (Алег Дзярновіч). Даследчая праблема: ставіцца пытанне, у якой ступені гістарычныя і культурныя традыцыі ўплываюць на станаўленне сучасных сацыяльных інстытутаў. Па выніках даследавання 2010—2012 гадоў.

30 траўня ”Трансфармацыя прасторы горада Мінска ў апошнія гады. Сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя наступствы і выклікі” (Аляксей Крывалап). Даследчая праблема: Мінск перажывае значны змены ўласнага ландшафту: дадатковая шчыльная дабудова, распрацоўка новых зон, знішчэнне зялёных зон і іх замена на камерцыйныя аб’екты. Гэта мае свае эканамічныя, экалагічныя і сацыяльныя наступствы (у прыватнасці стыхійныя пратэсты) і фармулюе новыя выклікі, якія прапануецца прааналізаваць. Па выніках праекта “Мінск – зялёны горад”, 20012-2013.

 

Для ўдзелу ў семінары трэба падаць заяўку на info @ palityka.org