III Мінская канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера” “Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы” (падача заявак да 15.03.2014)

лога

ІІІ-я Мінская канферэнцыя Інстытута “Палітычная сфера”
Мінск, 30-31 траўня 2014 г.
Аб’яўляецца збор заявак на ўдзел у ІІІ-й Міжнароднай навуковай канферэнцыі
Інстытута “Палітычная сфера”
Тэма 2014 года:
“Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы”

канферэнцыя

Асноўныя арганізатары:

Інстытут “Палітычная сфера” (Мінск-Вільня)

Інстытут ВКЛ (Коўна, Літва)

Польскі інстытут у Мінску (Мінск,)

Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва)

Беларускі калегіум (Мінск,)

Лятучы ўніверсітэт (Мінск,)

Інстытут гісторыі Літвы (Вільня, Літва)

 

Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, руская, англійская, польская.

 

Прыблізны лік удзельнікаў – 40 чалавек.

2014 год – гэта год, калі ў Беларусі будуць шырока адзначацца чатыры важныя юбілеі: 500-я ўгодкі Аршанскай бітвы, 100-годдзе пачатку Першай Сусветнай вайны, 220-годдзе паўстання Тадэвуша Касцюшкі, 70-годдзе вызвалення Мінска (Беларусі) ад войск нацысцкай Германіі. Усе гэтыя падзеі звязаныя з вайсковай гісторыяй нашай краіны, але маюць розныя палітычныя і ідэалагічныя значэнні, адсылаюць да розных версій тлумачэння мінулага і святкуюцца рознымі палітычнымі сіламі.

Гісторыя Беларусі часта разглядаецца як пазбаўленая суб’ектнасці, дзе краіна — гэта тэрыторыя заваяванняў і нашэсцяў. Яшчэ ў 1857 годзе беларускі гісторык Восіп Турчыновіч у “Обозрении истории Белоруссии с древнейших времен” такім чынам пісаў пра мінулае нашага краю: “Это поприще вековых состязаний, это перепутье могучих соперников, беспрерывно ратовавших и ходивших друг на друга, это великая могила их ратей несметных”. Рэшткі такога наратыву вельмі заўважныя ў розных гістарычных і мастацкіх працах. У выніку, Беларусь і яе дзяржаўнасць – гэта ахвяра суседзяў, яе трагічны лёс – быць скрыжаваннем вайсковых шляхоў. Але мы бачым і цалкам адрозны падыход да айчыннай гісторыі: як гісторыі ваяўнічага народа, авеянага вайсковай славай, актыўнага стваральніка сваёй будучыні. Вось толькі вызначэнне гістарычных ворагаў і галоўных момантаў вайсковай славы ў беларускім грамадстве далёкае ад кансенсусу і шмат у чым залежыць ад ідэалагічных і палітычных пазіцый сучаснасці.

Але вырашальны ўплыў войнаў на палітычнае самавызначэнне краіны і важнасць камемарацый вайсковых падзеяў і перамогаў у сучаснасці – гэта далёка не ўнікальны выпадак Беларусі. Мы можам знайсці вельмі шмат паралеляў з суседнімі краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, сучасная палітычная суб’ектнасць якіх таксама фармавалася падчас Першай сусветнай вайны.

Юбілейны 2014 год дае выдатныя падставы паразважаць, наколькі шматлікія войны паўплывалі на развіццё палітычных інстытутаў і культурныя традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якім чынам ў дадзеным рэгіёне фармаваліся асноўныя шляхі рэпрэзентацыі вайсковай гісторыі, як фармавалася культурная памяць пра войны і культура святкаванняў перамог і асэнсавання паразаў.

Плануецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел каля 40 навукоўцаў з Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Асноўныя тэмы для разгляду:

1) Аршанская бітва і войны XVI стагоддзя ў гісторыі, гістарыяграфіі ды ідэалогіі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

2) Першая сусветная вайна і паўстанне Беларусі як палітычнага суб’екту.

3) Роля Першай сусветнай вайны ў палітычным і культурным пераўладкаванні Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

4) Вызваленне, акупацыя, збройны супраціў: 1944 год у гісторыі і гістарыяграфіі народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

5) Культура памяці і вайна ў Беларусі: Дзень Вайсковай славы, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці.

6) Культура памяці, нацыянальныя святы і войны ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

 

Тэхнічныя дэталі

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна даслаць:

1) CV на любой працоўнай мове;

2) тэзісы выступу памерам 2-3 тыс. друкаваных знакаў на любой працоўнай мове;

3) таксама ў лісце неабходна паведаміць, ці патрабуецца візавая падтрымка.

Заяўку неабходна даслаць на адрас info @ palityka.org да 15 сакавіка 2014 года.

Арганізатары аказваюць дапамогу ў атрыманні беларускай візы Плануецца, што па выніках канферэнцыі выйдзе тэматычны нумар навуковага часопіса “Палітычная сфера”.

Спампаваць: conference 2014_bel.pdf

Download: conference 2014_en.pdf

Pobierz: conference 2014_pl.pdf

IN ENGLISH>>>