У Мінску адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя інстытута “Палітычная сфера”

IMG_405615-16 траўня 2015 г. у Мінску прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя пад назвай «Па-за савецкім канонам: палітычны супраціў, акадэмічная і мастацкая аўтаномія ў познесавецкі перыяд (1960-80-я гг.)». Ініцыятарам правядзення канферэнцыі выступіў Інстытут «Палітычная сфера». Сама праблематыка палітычнага дысідэнцтва, вывучэння з’яў грамадскага жыцця, якія выходзяць за рамкі жорсткіх рэгламентацый камуністычнага рэжыму, застаецца слаба распрацаванай у Беларусі. Таму мэтай канферэнцыі было не толькі сабраць даследчы форум, але і вярнуць дадзеную праблематыку ў фокус навуковай і грамадскай увагі. У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 30 даследнікаў, не толькі з Беларусі, але з краін былога сацыялістычнага лагера – Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі. Падчас абмеркаванняў вельмі шмат увагі надавалася параўнальнай перспектыве, магчымасцям параўнаць працэсы, якія адбываліся ў розных нацыянальных кантэкстах. Адной з найважных праблем стала вызначэнне канцэптуальнага апарата, удакладненне выкарыстоўваемых катэгорый («нонканфармізм», «дысідэнцтва», «іншадумства»).

Апроч таго ў рамках канферэнцыі прайшлі дзве публічныя дыскусіі: «Ці былі ў Беларусі дысідэнты?» (15 траўня), а таксама «Ці паўплывалі нацыянальна-культурныя рухі 1980-х гадоў на ўтварэнне незалежнай Беларусі?» (16 траўня). У адрозненне ад акадэмічнага фармату канферэнцыі, у дыскусіях асноўная ўвага была нададзена сумяшчэнню навуковага асэнсавання з рэфлексіяй удзельнікаў дысідэнцкіх і нацыянальна-культурных рухаў.