Удзельнікі міжнароднай гістарычнай канферэнцыі абмеркавалі тэндэнцыі фармавання нацыянальных рухаў і краёвай ідэі ў Беларусі і Літве ў XIX-XX стст.

11-12 траўня ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Мінску адбылася арганізаваная Інстытутам ВКЛ (Літва), Польскім інстытутам у Мінску і беларускім Інстытутам палітычных даследаванняў „Палiтычная сфера“ міжнародная навуковая гістарычная канферэнцыя “Нацыя, дзяржава, рэгіён: нацыянальныя рухі і краёвая ідэя ў Беларусі і Літве (канец XIX – пачатак XX стагоддзя)“.

Падчас канферэнцыі былі абмеркаваныя тэндэнцыі фармавання беларускіх, літоўскіх, польскіх нацыянальных, палітычных і культурных рухаў і ідэй дзяржаўнасці ў Літве і Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Удзельнікі канферэнцыі не толькі пазнаёмілі сваіх калег з даследаваннямі, што яны праводзяць або рыхтуюць у гэтай галіне, але і падзяліліся сваімі ведамі і меркаваннямі.

У канферэнцыі бралі ўдзел спецыялісты, якія вывучаюць ідэі фармавання дзяржавы і спецыфіку нацыянальных рухаў XIX-XX стагоддзяў, з Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны і Славакіі. Літоўскія гісторыкі, што ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, – Рымантас Мікніс, Русціс Камунтавічус, Вайда Камунтавічэне, Дарус Сталюнас, – прадставілі існуючыя ў той час у Літве тэндэнцыі фармавання нацыянальных рухаў, грамадства і тэрытарыяльнага ідэнтытэта.

Крыніца: сайт амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь